СФЕРЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел геаметрыі, які вывучае геаметрычныя фігуры, размешчаныя на сферы, і іх уласцівасці. Узнікла ў 1—2 ст. н.э. з патрэб сферычнай астраноміі. З развіццём мараплаўства і геаграфіі С.г. сталі карыстацца таксама ў геадэзіі для вывучэння паверхні Зямлі.

Асн. паняцці С.г. — пункты сферы, вял. кругі і рух сферы. Вял. кругі атрымліваюцца ад перасячэння сферы плоскасцямі. якія праходзяць праз яе цэнтр. Рух сферы — пераўтварэнне сферы, пры якім захоўваецца адлегласць паміж любымі яе пунктамі. У С.г. разглядаюцца трохвугольнікі (ці інш. фігуры), якія складаюцца з дуг вял. кругоў. Суадносіны паміж вугламі і старанамі сферычнага трохвугольніка вывучае сферычная трыганаметрыя.

т. 15, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)